Вершы
***
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Vinsent рэпрэзэнт
Адыходзяць караблі
Працягваю жыць
Выжывае…
Лютаўскія дажджы
Валадар волі
Бог. Радзіма. Воля
Наша слова ў небясьпецы
Ты на небе
Сапраўдныя людзі
Восеньскі вальс
Восеньскі вальс
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Я гляджу ў акно, а за акном дождж,
Намоклы праспэкт, намоклая плошча,
Кубак з малаком, думкі ў нябёсы,
Розныя кніжкі, аднолькавыя вёсны.
Мой сон, разбаўлены кубкам кавы,
Кумар, на кухні смачныя стравы.
Трава пажаўцела, жоўтым стаў асфальт,
Такі цуд на вуліцы. яго людзі вартыя.
Варта стаіць на посьце і ніколі ня сьпіць,
Беражэ спакой ціхі гатэляў-гасьцініц.
варта на кожным сэрцы, варта на вуснах,
Выканай заданьне не пісьмова, а вусна.
Выканай тое, што я прашу цябе заўсёды,
Выканай хоць раз, пляваць на правілы, на моду.
Самота тоне ў дыване восеньскага парку,
Я чую сьмех, я чую закаханых жарты.
Сьмейся разам са мной і жыві яскрава,
Карнавал схавае твары і занятыя лавы.
Тут пастаянны флірт, тут не бывае вольна,
Давай зьбяжым туды, дзе можна гутарыць спакойна.
Давай зьбяжым далей ад людзкіх вачэй,
Давай хутчэй, хутчэй і гавары цішэй.
Толькі галоўнае, ня трэба зямных турботаў,
На галоўнае няма лімітаў і ніякіх квотаў.
Вопратка, ежа, статус, сябры і ворагі,
Ня трэба пра гэта, мы не для гэтага створаны.
Сьпявай мне пра Вэнецыі вуліцы вечарам,
Сьпявай мне пра тое, што будзем жыць вечна мы.
Я падхаплю тваю песьню, рыфмы сябруюць з музыкай,
Будзь анёлам маім навекі, будзь маёй музаю.
Музыка лечыць, а лірыка кранае сэрца,
Лірыка натхняе, лірыка з душы ільецца.
R:
Сьветлым, сьветлым днём кава з малаком,
Сонца на пясок, зьнікаюць пары на парах кудысьці.
Гэта наш капрыз, белы мім за вуглом,
Алея парку спрачаецца адна з жоўтым лісьцем.
Ты ляці вышэй за гарызонт завей,
Туды, куды звычайна не даходзіць чалавек.
Вось ужо пад дажджом я стаю і мокну,
Хавай маё цяпло, да пралесак далёка.
Сапраўдныя людзі
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Галава не пустая, мы пражэктар ставім,
Прымушаем усіх ставіць, хто пра нас ня знае.
Я ведаў тых, для каго сэнс не лізаць дупу,
Рэспэкт, мае браты, пастаў аскал на зубы, хэй.
Аскал на няпраўду, аскал на крывадушнасьць,
Мы абыходзім за мілі ўсіх тлустых тушаў.
Што зарабілі сабе не працай шчырай, хэй,
Што зарабілі сабе шырокім ротам хутка.
Мы будзем шчырымі да апошняга ўдыху,
Калі гуляем гучна, калі ў кватэры ціха.
І мне пляваць, хто якія займае пасады,
Мне пляваць на старасту, на старшыню ўраду.
Сапраўдных людзей вельмі мала на сьвеце,
Тых, хто сьмяецца шчыра, хто разумее вецер.
І запытаюць мяне: “Хэй, Вінс, а хто судьдзі?”
Я не судьдзя, рэспэкт сапраўдным людзям.
Я ніколі не прагнуся, і фак у твар,
Тым, хто раіць гнуцца, ім фак у твар таксама.
Для мяне мой стыль даражэй за ўсё на сьвеце,
Гэта ведаюць усе: сябры, бацькі і дзеці.
Гэта ведаюць кварталы, раёны і двары,
Для вас мая творчасьць, хэй, ляці, твары.
Мая флэйва, вам я прысьвячаю куплеты,
Ты вырас ва ўтульным доме ці вулічным гета,
Няважна, ты ведаеш, што я цаню ў людзях.
Шчырае сэрца, востры розум, поўныя грудзі шырокія
Вольнага паветра, ветру ці салодкага дыму,
Павага ўсім байцам надзейна схаванага тылу.
Хай дупалізы змагаюцца самі з сабой, бой
Нам напляваць, бо мы ідзем за чысьцінёй, бой.
Мы ідзем да цябе, і вырашай, ці ты з намі,
Без хлусьні, без зайздрасьці, мы стаім на шалях.
R:
Сапраўдныя людзі, хто дупу не лізаў,
Сапраўдныя людзі, сьмялей, наш час настаў.
Той, хто кахае шчыра, хто шчыра любіць.
Павага вам усім, павага сапраўдным людзям.
сапраўдныя людзі, хто дупу не лізаў,
Сапраўдныя людзі, сьмялей, наш час настаў,
Той, з кім заўсёды праўда, хто шчыра судзіць,
Павага вам усім, павага сапраўдным людзям.
Ты на небе
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Сонца, залітае крывёю нашае спакусы,
Стронцый ад нашых душ, ад нашых рук да самых вуснаў.
Моцна тут сэрца б’ецца, там яно ўжо стаіць,
Можна ўсё ўспомніць, можна ўсё забыць.
Заўтра настане сьвет, а сёньня цябе няма,
Абірала гэты шлях ты далёка не сама.
Думкі, яны былі, а тут зьявіліся крыжы,
Шмат ты не думай, на пытаньне адкажы.
Колькі намаганьняў марных трэба мне прайсьці,
Колькі мне шукаць і нічога не знайсьці?
Зграя пакідае сьлед, а застаемся мы,
Травень, сьцежка і Разанава тамы.
Промні ўжо зьнікаюць, наступае новы дзень,
Сон ад самоты забівае кволы цень.
Забіваюць людзі, забываюць, элексір трымай,
У маім ты сэрцы, памятай, не забывай.
Мастак дапісвае сваю апошнюю карціну,
Палітра скончана. Чырвоны, белы, шэры, сіні.
І Сіднэй там застаўся, там, дзе зьзялі нашы мары,
А траса Берасьце-Менск цябе забрала.
Ці помніш, любая, наша першае спатканьне?
Мой смокінг, архідэя, ты з васількоў саткана.
падары мне свой позірк, усьмешку, мне ня сьмешна,
І крочым мы з табой па парку ізноў нясьпешна.
Ляцім над зямлёю мы, як Шагал і Бэла,
Пад намі гарады, пачуцьці, дахі, людзі, стэлы,
І толькі вецер у твар, і толькі вер мне а я,
Знайду цябе ў таямніцах цёмных, восень мая.
І ты сыходзіш, не разьвітаўшыся са мною,
І я на скрыжаваньні, і сумна мне да болю,
Мне б дакрануцца да цябе, цябе ўбачыць мне бы,
Я не магу, я на зямлі, а ты на небе.
R:
Мастак дапісвае сваю апошнюю карціну
Апошні шлях, апошні сэнс, ужо ня маю сілаў.
Мне б дакрануцца да цябе, цябе ўбачыць мне бы,
Я не магу, я на зямлі, а ты на небе.
Мастак дапісвае сваю апошнюю карціну
Апошні сэнс, апошні шлях, ужо ня маю сілаў.
Мне б дакрануцца да цябе, цябе ўбачыць мне бы,
Я не магу, я на зямлі, а ты на небе.
Наша слова ў небясьпецы
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Мой сябра, слухай уважліва, давай
З табой абмяркуем пытаньне вельмі важнае.
Хто ты ёсьць, хто я ёсьць, хто мы ёсьць,
Для чаго пішу тэкст для цябе гэты вось я.
Я той, хто б’е рыфмай беларускай у твар,
Я той, хто хутка стварае словам пажар.
Я забіваю ня стрэльбай і ня мускуламі,
Мяне часта пытаюць, чаму чытаю па-беларуску.
Шчыра кажучы, пытаньне вельмі дзіўнае,
Але адкажу адразу для разумных і наіўных.
Я беларус і мая мова - беларуская,
Вось так, чорным па белым, літарамі тлустымі.
Мой стыль - арыгінал, мая мова - ключ да сэрца,
Я той змагар, які да перамогі б’ецца!
Маю што сказаць плюс бачу прад сабою мэту,
Прыйшла пара прачнуцца: ёсьць на тое ўсе прыкметы.
Мне Купала казаў, што бы з намі ня сталася,
Дзе бы мы ні былі, каб заўсёды ядналіся.
Беражыце тое, што матуляй дадзена, прадзедам,
каб сваё ніколі-ніколі не было прададзена.
Святыя радкі, ў грудзёх маіх магутны выбух,
Выйдзі на паветра, цяпер глыбокі ўдых-выдых.
Твая воля нам дазволіць адшукаць выйсьце,
Выйдзі зь цемры, сябра, на сьвятло хутчэй выйдзі.
Тут каштоўнасьць, для якой, на жаль, няма мейсца,
А шмат і ня трэба,куточак толькі сэрца.
Толькі адчуць, што даражэй за ўсё на сьвеце,
Каб валодалі беларушчынай дзеці.
Каб мы марылі-марылі, жылі, зьдзяйсьнялі мары,
Каб мы бачылі ўсьмешкі на кожным твары.
Трэба пачаць, а пачынаць трэба з сябе,
Не з іх, не з яго, не з яе, а з цябе.
Тое, што нас вылучае з натоўпу, топча
Вялікі статак траву на лузе топча.
Мы ня статак ніякі, мы маем гонар, брат,
Згубілі вельмі шмат, але цяпер ня трэба стратаў.
Мой аповед для тых, хто захаваў розум і моцы,
Я ведаю, на сьвеце ёсьць мноства моваў розных.
Але наша адна, гэта як маці для дзіцяці,
Казаў заўсёды і не спынюся вам казць я.
Толькі так мы захаваем сябе, людзі,
А згубім мову - і нашчадкі нас асудзяць.
Але я бачу вочы, палымяныя вочы,
Маладзёнаў, мы трымаемся поруч і наперад разам крочым.
Мы ня збочым са сьцежкі пераможнай,
Я веру, мы зможам, так, абавязкова зможам.
Вінсэнт наносіць чарговы ўдар у твар,
Падумайце, браце, аб зьдзясьненьні сваіх мараў.
R:
Беларусы! Я вас заклікаю, браце!
Не губляйце! Роднай мовы не губляйце!
Мы жывем, пакуль наша мова льецца,
Але зараз наша слова ў небясьпецы.
Мы абаронім тое, што нам дадзена Богам,
Нас вельмі шмат, хэй, не існуе парогаў,
Мы жывем, пакуль наша мова льецца,
Але зараз наша слова ў небясьпецы.
Бог. Радзіма. Воля
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Магутны Божа, дзякую табе за тое,
Мой карабель плыве, спадзяюся, не патоне.
Дзякую за тое, што даеш мне новыя сілы,
Дзякуй за натхненьне, дзякуй за новыя стымулы.
О, Божа, дай мне сілы не зламацца на мяжы,
Скажы, куды ісьці, верны шлях мне падкажы.
Няхай сьвятло ў цемры ніколі не згасае,
Няхай ратуецца выраем птушыная зграя.
Айцец нябёсаў, даруй мне ўсе правіны,
Іх вельмі шмат, але сэрца пакуль ня стыне.
Ты даў мне мажлівасьць бачыць гэты розны сьвет.
Дзякуй за высокую назву “чалавек”.
Вядзі нас за сабою, мы твае дзеці, Бог,
Дай нам шчасьця, і я хачу, каб кожны змог.
Зразумець тое, што ты да нас хочаш данесьці,
Я зраблю ўсё, каб праўду па зямлі несьці.
Я не хачу банальных словаў, іх сказана многа,
І тым ня меней, у кожнага сваЯ дарога,
Адзіны шлях, адзіны сьвет, адна Радзіма,
Тут наша будучыня, тут нашы ўспаміны.
Мая Радзіма, табе я сёньня прысягаю,
Аддаю, што маю і аднаго жадаю.
Жыві ты вечна, і я хачу, каб твае дзеці,
Праслаўлялі цябе на гэтым белым сьвеце.
Мая Літва, мая Крывія, мая Беларусь,
І за цябе я ўсім сэрцам малюся.
І за цябе жыцьцё, і за цябе гонар,
Спадзяюся, наш штандар нясу я годна.
Я хачу апраўдаць твае надзеі, Радзіма,
Буду я прыкладаць нават апошнія сілы.
Я прайду праз агонь, праз ледзяныя воды,
У маім сэрцы Беларусь, назаўсёды!
Аднойчы ноччу цёмнай я стану птушкай вольнай
І палячу за далягляд, дзе не бывае воінаў.
Аднойчы ранкам сьветлым я стану сябрам сьвету,
І буду фарбамі вясёлкі вам пісаць куплеты.
Ствару сваю краіну, там, дзе заўсёды вольна,
Той, хто разумны, там заўсёды будзе жыць прыстойна.
Усе на пазытыве жывуць у той краіне,
Краіна мараў, яна ніколі не загіне.
Хачу глядзець любімае, а не тое, што скажуць,
Хачу жыць пастаянным ажыятажам.
Я вырашаю сам і мне ня трэба дазволаў,
І мне ня трэба прыгнёту, мне трэба толькі воля.
Май піпл, адкажыце, хто ня любіць волю,
Той, пэўна, глузду ня мае, бо воля - гэта сьвятое.
І я клянуся, сабе не здраджу ніколі,
У маім сэрцы Бог. Радзіма. Воля.
R:
Што ты шануеш больш за ўсё, што ты шануеш?
Што насамрэч важней, а на што час марнуеш?
Прыярытэты расстаў у жыцьцёвай школе.
А я сабе сказаў: Бог. Радзіма. Воля.
Валадар волі
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Кожную раніцу я прачынаюся хутка,
Думаю, якія сёньня лунныя суткі файныя.
Думаю, з я якой нагі мне лепей прачнуцца,
Бо ад гэтага залежыць дзе я магу апынуцца сення.
Ну скажам прачнуся з левай нагі
то пэўна наведаю нейкі салон дарагі.
Набуду вопраткі моднай, а калі з правай,
то пайду на экс-ю па запарку я.
І вось паўгадзіны дылему вырашаю.
І вырашаю злезці з ложку на шару.
дарэчы, я шалі, і хто тут ня шарыць?
Які характар шаляў, і пра што яны мараць
Мне зоркі падказалі, усе шалі так пасеяны,
Што усе мараць пра абанэмэнты ў басэйны.
Цяпер я спяшаюся на вучобу і на працу
Па фэньшую трэба правага боку трымацца
Пра сябе чытаю заклён і, і на бягу
Набываю ўсе гараскопы, якія толькі магу.
Так, гляджу, чытаю, які сення дзень,
Ага, серада, дык гэта ж сабакі дзень.
Значыць сення трэба сабак шанаваць,
А з катамі што рабіць, хіба зневажаць.
Мне трэба спяшацца да бабкі знахаркі
Яна мяне лечыць чароўнымі яйкамі.
Так, глядзім мы на талерку ўважліва,
Зараз там намалюецца нешта вельмі важнае.
Калі нешта, скажам, падобнае да тачкі,
Тады чакае цябе вялікая ўдача.
А калі штосьці падобнае да пыласосу,
Тады цябе чакае хаха поўны адсос.
R:
Свайго жыцьця толькі ты гаспадар!
Вышэй галаву і смялей кроч да мар!
Нішто не кіруе табою ніколі.
Ты сам валадар, валадар сваёй волі!
Лютаўскія дажджы
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Кожны дзень людзі тонуць у Сеціве
Шляхамі першымі, другімі, хм, а можа, трэцімі.
Кожны дзень мільярды постаў простых.
Падзеі шэраговыя і праблемы вострыя.
Тостамі зычаць шчасьця, усё стандартна,
Зычце вясны ў сэрцы, яно сапраўды таго вартае.
На статусе сэрцайка часта ставяць закаханыя,
Часам сапраўды так, часам людзям проста хочацца
Быць патрэбным камусьці яшчэ далёка.
І разам крочыць у сьвятле і ў паўзмроку.
Року няма, гэта мы самі звычайна будуем лёс,
Нешта з намі, штосьці вецер ціхі хуткі панёс.
На разьвітаньне смайл баю=бай, засынай,
Не знаёмая, але такая блізкая, такая сьветлая.
кветкамі неба засыпае рукі, твой твар,
А я працягваю сказ, не забіваю мару.
-Вітаю, як настрой? -Хм, добры, а твой?
-Мой настрой зараз: кава, блюз і спакой.
-Стой! -Што? -Ты сыходзіш ужо? -Не,
Я з табой назаўсёды. - Ха, няўжо?
Ты жартуеш са мной зараз а, можа, проста гуляеш?
-Яшчэ ня ведаю, ты адчуваеш? -Не, што?
-Як сэрцы нашыя б’юцца ў такт, тук-тук-тук?
-А я вельмі стамілася сёньня ад грукату
Вуліцы, ад людзей сумных, што ня бачаць сэнсу.
-Дарэчы, у Купалаўскім сёньня новая пьеса…
-Што, гэта спатканьне? -Натуральна, так.
-Ты запрашаеш? -Так, сустрэнемся а сёмай каля парку.
-Добра, я згодна. -Цудоўна, да сустрэчы, родная.
Я буду з парасонам, каб пагуляць нам з дажджом,
І доўгі шалік, каб злавіць той вецер крохкі, шпаркі
Салодкім пацалункам мокрага вясновага ранку.
R:
Прыемны сьвет са старой кавярні,
І не магу сказаць, што будзе заўтра са мной,
Губляюць часта людзі час марна,
Зусім ня ведаю цябе і добры настрой.
Але што я хаваю, што я хаваю?
Калі сэрца грукоча ўдзень і уначы,
Калі ты пішаш мне, я вочы закрываю,
Нас абдымаюць лютаўскія дажджы.
Выжывае…
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Хаос залье шэры розум блакітам файным,
Фары, пражэктары, морс, і кальяны зграі.
Той, хто шчыры, да перамогі крочыць,
Сочыць за імгненьнем, за фасонам сочыць.
Сочы ёсьць, Нарач ёсьць, ёсьць сумленьня мост,
Бачыш мяжу, не высоўвай нос.
Глядзі, тут гандаль танны сорам непазьбежны,
Бежы, ежы, то ня літарныя межы.
Тут выжыве ня першы, трэці, акрылёны лёсам,
У лес, на волю, на баль ці на гарбату носіць,
Бяжы, рукі вось так, вось так, каб,
пакінуць гэты п’яны дзівосны чульлівы паб.
Няма косак, усё зьліваецца, усё адзінае,
Адзін розум, адна любоў, адна рэлігія.
Фараоны здымаюць халаты, яны просяць сабе
Палаты, лекі, лекі ня вечнаму, прымушаюць цябе?
Усьмешкі пакрываюцца потам, хавае апатыю,
Рок, які наканаваны ня Богам, а дзе гарантыі?
Рэнта за посьпех, часовы экстаз ці маразм,
пакінь боль, схавай, спажывец ідзе да нас,
Нас многа, на вяршыні адзінкі, здымкі, хаўрусы
Здымаюць кіно пра банальнасьць жыцьця, пра спакусы,
Жывёльнае гета зачыняе дзьверы, а там сэнс,
Схаваны, змрочны, прапітаны геніем сеанс.
Шлях, што цягнецца ад задумкі да канца,
Можа скончыцца расчараваньнем верным для сэрца.
Той, хто ня мае адвагі, не сыходзіць са сьцежкі,
Будзе разьбіты ўшчэнт словам княства кансьержкі.
Ты ілжывы гулец, але ў гэтым ёсьць мара яскравая,
Мора, рака, акіян, хто гэта хавае?
Зьнікай у апошніх захадах сонца чырвонага,
А зараз скажы ты ўсім пра сьвету таямніцы соннага.
Натуральнае тое, што не гарыць за бязьмежжам,
Гэты позірк на фота потым хтосьці парэжа.
Потым вочы ня позірк, потым вочы за погляд,
Потым сэрца грукоча, потым вочы засохлі…
R:
Выжывае той, хто ня мае сэрца,
Выжывае той, хто не здаецца, б’еца.
Як габелены крычаць пра шчасьце, вечную славу,
Як вецер голас губляе, знайшоўшы хутка падставу.
Выжывае той, хто ня мае сэрца,
Выжывае той, хто не здаецца, б’ецца.
Бяжы, ляці, стагні, прайдзі ўсе жорсткія сечы,
Ну што, ты там, ты бачыш сябе? Тады да сустрэчы!
Працягваю жыць
by admin on Тра.12, 2009, under Вершы
Я працягваю жыць, калі губляю, што маю,
Набываю, губляю, потым зноў набываю.
А жыцьцё як зэбра, ёсьць толькі дзьве паласы,
Праспэкт, салодкі дождж і мае валасы.
Мяне кінулі сёньня на вялікія грошы,
Ой, які макіяж, глядзі, які харошы.
І дзяўчыны тыя, што працуюць толькі за многа,
Насамрэч, не каштуюць ні кроплі, нічога.
А я люблю паветра, хуткасьць ветра мэтрамі, мера,
Для цябе толькі грошы, а са мною вера.
Маё сумленьне не запэцканае брудам сёньня
Мой стыль жыве, мой стыль самабытны, новы.
Цябе кінулі сёньня і яшчэ кінуць ня раз,
Пытаньне “помста ці не?”, і ёсьць адзіны адказ.
Трымаць удар трэба годна, толькі так пераможаш,
І біць ня ў сьпіну, а ў твар, трымай сакрэт, ты ўсё зможаш.
Калі апошняя надзея вельмі хутка зьнікае,
Калі сябра па-здрадніцку цябе падстаўляе.
Расчараваньне. Сяброўства не было сапраўдным.
Калі фальшу ілжывай падмяняецца праўда.
Калі кажуць у вочы з усьмешкай нахабнай,
Калі вакол няма людзей, а ёсьць дзікі статак.
Калі крывяць душой, калі глядзяць на чыны,
Калі ідуць па галовах і абыходзяць вуглы.
Я ўзгадаю пра тых, хто сапраўды мяне любіць,
Пра тых людзей, хто заўсёды па праўдзе рассудзіць.
Пра тых, хто мае гонар і вялікае сэрца,
Хто да хуткіх грошай-славы сапраўды не імкнецца.
Апошняй асадкай я напішу пра ўдзячнасьць,
Я напішу пра павагу, калі-небудзь аддзячу.
Адбіраюць ніткі праўды, я працягваю шыць,
Мяне топяць паўсюль, а я працягваю жыць.
Калі каханая кажа, што ты ўжо іншы,
Калі пытаньне ўсплывае: а можа, я лішні?
Калі згасае тое, чаго заўсёды чакаў,
Калі апошнія словы ты каханай сказаў.
Калі ты ў журбоце сярод праспэктаў адзін,
Калі фарбы зьнікаюць з усіх любоўных карцін.
Калі навокал нікога, калі цемра паўсюль.
Калі, здаецца, канец, тады моцы гартуй.
А заўтра будзе новы дзень, заўтра новыя старты,
Заўтра новыя людзі, і я зычу вам фарту.
Кожны мае шанец, посьпех проста так не прыходзіць,
Талент памнажаць на працу, трэба жыць, трэба мроіць.
А на вяршыні толькі тыя, хто ня раз спатыкаўся,
Хто ляцеў і падаў, потым зноў падымаўся.
Маё сэрца б’ецца, і яго не спыніць,
Маё шчасьце са мной, і я працягваю жыць.
R:
А я працягваю жыць, калі нічога ня сьвеціць,
Я працягваю жыць, калі са мною вецер.
Маё сэрца бьецца, і яго не спыніць,
Мае людзі са мной, і я працягваю жыць.
А я працягваю жыць, калі нічога ня сьвеціць,
Я працягваю жыць, калі са мною вецер.
Маё сэрца бьецца, і яго не спыніць,
Мая флэйва са мной, і я працягваю жыць.